ЗЕМЛЯНЫ́ ЗА́ЯЦ, тушканчык вялікі (Allactaga major),
млекакормячае сям. тушканчыкавых атр. грызуноў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Еўропе, Казахстане, Паўд. Сібіры. Жыве ў паўпустынях, лесастэпах, уздоўж дарог у норах.
Самы вял. тушканчык, даўж. цела 19—26 см, хваста да 30 см. Пыска выцягнутая, спераду пляскатая, вушы доўгія, заднія канечнасці пяціпальцыя, доўгія. На канцы хваста яркі і шырокі «сцяг» з чорнай асновай і белай вяршыняй. Верх цела буравата-шэры або пясчана-шэры, знізу белы Нараджае 1—4 дзіцянят. Корміцца насеннем, цыбулінамі і клубнямі розных раслін, зрэдку насякомымі. На зіму ўпадае ў спячку.